понедельник, 29 декабря 2014 г.

Зімовая сустрэча!

І зноў цікавае феналагічнае назіранне ў апошнія дні гэтага года. Каманда Angry birdwatchers выйшла прагуляцца ўздоўж Свіслачы ў раёне вёскі Новы двор. Шмат чаго цікавага было пабачана намі, а каля шлюза сустрэлі мы лясную завірушку! Хутчэй за ўсё гэта першая такая рэгістрацыя для нашай краіны, хаця магчыма, што птушкі гэтага віда заставаліся зімаваць і раней, проста назіральнікі не абвяшчалі аб такіх рэгістрацыях. Лясныя завірушкі адлятаюць у верасні - кастрычніку да месцаў зімовак: заходняй і паўдневай Еўропы, паўднева-заходняй Афрыкі, Азіі. Да рэчы для гэтага віду адзначаецца магчымасць зімовак у межах гнездавога арэала.
Акрамя завірушкі, тут жа, каля шлюза шукалі сабе харч пеначка-ценькаўка і малінаўка. Часам пеначкі-ценькаўкі застаюцца зімаваць каля месцаў, дзе ёсць сток цёплай вады. 1 снежня гэтага года пеначку-ценькаўку сфатаграфаваў на Немане ў Гродна Д. Якубовіч. А 28 снежня гэту птушку сфатаграфавалі пад Менскам мы. Думаю, што такіх рэгістрацый можа быць і больш, калі праверыць падыходзячыя месцы. Малінаўка таксама сустракаецца на зімоўцы ў нашай краіне.
Дзень выдаўся даволі багатым на сустрэчы. Вось спіс: крыжанка звычайная, нырок-свірок (трымаецца на Свіслачы з 14 снежня), вялікі савук, шэрая чапля, звычайны папаўзень, звычайны паўзунок, вялікая сініца, блакітная сініца, дзяцел сярэдні, дзяцел малы, чыж, зелянушка звычайная, шчыгел чорнагаловы, дрозд-піскун, шуляк-галубятнік, пеначка-ценькаўка, лясная завірушка, малінаўка, зімародак звычайны, крапіўнік.



Пячураўка-ценькаўка. Фотаздымак М. Львова

Лясная завірушка і пячураўка-ценькаўка. Фотаздымак М. Львова


Нырок-свірок. Фотаздымак М. Львова

Комментариев нет:

Отправить комментарий