воскресенье, 1 февраля 2015 г.

Крочым па следу глушца

Не прайшло і двух тыдняў =), як я вярнулася з заказніка "Чырвоны Бор" ад Дзімы Шамовіча, дзе займалася адсочваннем глушцоў з радыёметкамі. Для адсочвання ў мяне мелася антэна і рэсівер, з дапамогай якіх прымаўся сігнал з ашыйнікаў птушак. Зараз ашыйнікамі пазначаны чатыры пеўня глушца і адзін арабок. Арабок, да рэчы, атрымаў такое ўпрыгожванне выпадкова, птушку адлавілі павуціннай сеткай, не маючы намеру на адлоў менавіта гэтага віду. 
Справа была ў студзені, у гэты перыяд года птушкі трымаюцца невялікіх па плошчы тэрыторый, дзе цэлымі днямі сілкуюцца ігліцай сасны. Сосны на якіх часцей за ўсё харчуюцца глушцы маюць зусім аб'едзеныя верхавіны, такія дрэвы добра бачныя на фоне іншых. Каб ніхто проста так не зачароўваўся, трэба сказаць, справа гэта не з легкіх. Часам за птушкай прыходзілася ісці па зімоваму балоту не адзін кіламетр, правальваючыся па калена ў снег. Тым не менш для мяне гэта справа стала сапраўднай асалодай. Пакуль шукаеш птушку ўскіпае нейкі сапраўдны паляўнічы інстынкт, толькі накірованы ён не на тое, каб забіць птушку, а на тое каб высачыць яе і пабачыць. Канешне, паназіраць за птушкай атрымлівалася не заўседы. Толькі адзін раз атрымалася добра разгледзіць глушца. У сваю чаргу глушэц назіраў за намі і праз поўхвіліны ён не вытрымаў - зляцеў. Часцей за ўсё я чула, як птушка шумна злятала з дрэва і бачыла, як калышуцца галінкі. Нягледзячы на гэта, заўсёды, калі атрымлівалася знайсці птушку я адчувала сябе пераможцам. Вось у такіх клопатах я правяла пяць дзен: да цемры ў лесе, а потым адпачынак, вячэра, размовы з гаспадарамі, сон і зноў з пачатку. 
Нічога не сказала пра арабка. Птушка з восені трымаецца ў адным месцы, недалека ад дома. За час маіх назіранняў, птушка адзначалася  ў прыкладна адным і тым жа месцы. Кропкі адрозніваліся ўсяго некалькімі метрамі, тады як ў глушцоў гэта маглі быць кіламетры. Хаця, як я ўжо казала, тэрыторыі ў іх зараз невялікія, бліжэй да вясны пачнецца іх пашырэнне і тады будзе больш складана сачыць за імі. 
Гэта не першыя пазначаныя птушкі, такія назіранні вядуцца з 2010 года. 
Вось тут можна пазнаёміцца з вынікамі сачэння за папярэднія гады ад Дзмітрыя Шамовіча http://www.wildlife.by/gluhar. 



Фота Michael Abts, Галандыя