вторник, 14 июня 2016 г.

Кальцаваць альбо не


*** Неяк не тое, каб не было пра што пісаць - тэм хапае, а вось часу няма і жадання расцякацца думкай таксама. А сення пачытала блог добрай дзяўчынкі Леры і захацелася напісаць. Я ўвогуле не ўпэўнена, што нехта чытае гэта акрамя мяне, аднак .... 

Сёння пра маё мару, маё захапленне і заўзятасць - пра кальцаванне=). І вось, гледзячы на каляровыя кольцы на маём стале і думаючы пра тое, што хутка атрымаю пласкагубцы і штангенцыркуль, а чырвонае пасведчанне кальцавацеля ляжыць у сумцы (што не замінае мне яго ўвесь час забываць), я канешне радуюся. Нечакана мара здзяйсняецца. 

Доўга пра тое, як усе пачыналася казаць не буду. З гэтага года я распачала кальцаванне каляровымі кольцамі кнігавак у Беларусі. Ідэя не новая, раней на Тураўскай станцыі кальцавання былі пазначаны сто кнігавак, менавіта каляровымі кольцамі. А вось новай інфармацыі не было атрымана, ні воднага звароту не прыйшло. Я ж акальцавала толькі пакуль што 11 птушак, і з іх большасць птушанят, няхай і падросшых, але яны канешне складаюць групу рызыкі, і магчыма не дажывуць да наступнага году. Аднак я, як аптыміст, і як чалавек які ўсе гэта распачаў спадзяюся на тое, што нешта з усяго гэтага ўсе ж такі атрымаецца. Тым больш есць верагоднасць крыху павысіць гэту лічбу. Ды і планку ў 10 запланаваных птушак я ўжо перавысіла. 

Дарослых птушак я лавіла на гнездах. Справа гэта зусім нялегкая: з аднаго боку трэба яшчэ знайсці тое гняздо ў полі, засеянным кукурузай, асабліва калі на гэтым полі скажам усяго толькі сем пар тых кнігавак. І нават калі гняздо знойдзена гэта зусім не гарантыя таго, што ўсе атрымаецца. Птушка не так і легка заходзіць ў пастку. І тут не дапамагае ні вопыт, ні звароты да Бога)). Здаецца залежць ад характару птушкі, бо на аднолькавай станцыі наседжвання адна птушка заходзіла ў пастку праз поўгадзіны, а другая не заходзіла і праз тры. Асабліва адораныя садзіліся на зямлю побач з пасткай. А з лругога боку ніколі не забуду як першая птушка была мною злоўлена і як я імчала да пасткі, каб толькі паспець яе схапіць. Трасучыміся рукамі былі апрануты першыя кольцы...

Мая малышка))

І вось пацягнуліся дні няўдалых спроб адловаў, пасля першай птушкі пайшла вялікая паўза. А потым неяк злавілас ядругая і трэцяя...і справа здаецца паціху пайшла. 



Неяк выпадкова звярнула ўвагу на птушанят кнігавак. Частка птушак яшчэ сядзела на гнездах, і я неяк не падумала, што безумоўна тут ўжо могуць быць птушаняты пар, якія вывеліся раней. Аднак як толькі мне трапілася на вока першае птушанё, я зразумела як іх прасцей знайсці. Малыя выходзяць карміцца на ўзараныя палі, бо ў азімых для іх гэта складаней. Аднак далека ад расліннасці не адходзяць і калі што бягуць хавацца менавіта туды.  Цяпер задача знайсці іх не здавалася такой складанай і даволі вялікія птушаняты таксама атрымалі каляровыя кольцы. Цікавае поле я адшукала ў Гродзенскай вобласці. Засеялі яго шматгадовымі травамі і травы гэтыя альбо толькі збіраліся прабівацца, альбо неяк доўга думалі, так што суцэльнага травянога пакрова не было. Дык вось на адным полі я знайшла і аднаднеўных птушанят, смешна хаваючыхся пад крыло маці і ўжо добра падросшых птушанят, якія хаваліся ў выспах невялікай яшчэ траўкі. Пахадзіла туды-сюды і знайшла ажно шэсць малых кнігавак за некалькі хвілін...

І хаця мая дысертацыя звязана не толькі з кнігаўкамі, ўсе мае знаёмыя цверда ўпэўнены, што я спецыяліст выключна па кнігаўкам. Першае пытанне мне заўседы "Як там кнігаўкі???"

Пазней я дапішу сюды, колькі ж птушак мне ўдасца акальцаваць яшчэ...