вторник, 28 октября 2014 г.

За мандарынкай! Качкай-мандарынкай!


Наша родная краіна не перастае радаваць арнітолагаў цікавымі сустрэчамі: то пелікан заляціць на рыбгас, то больш за сотню сакалоў пабачуць, то хрустана, а зараз вось качка-мандарынка. Арэал гэтай птушкі праходзіць па тэрыторыі ўсходняга Кітая, Курыльскіх вастравоў, Японіі, Тайваня. Мандарынка інтрадуцыравана ў Англіі і Германіі, у апошні час гняздуецца ў Галандыі, Бельгіі, Францыі, Даніі, Аўстрыі і Ірландыі. І вось гэту прыгажуню пабачылі ў Лідзе, сярод качак-крыжанак. Адразу я вырашыла, што не паеду, бо складана сказаць адкуль гэта птушка, можа яна зляцела з якога-небудзь зоасада нашай альбо суседніх краін. Аднак потым, мне ўспомнілася як я толькі пачынала цікавіцца птушкамі. Я чытала розныя кнігі ў бібліятэцы, разглядала малюнкі, і вось мандарынка і была адной з першых птушак пра якіх я даведалася. Тут я вырашыла, што магчымасці пабачыць гэту птушку ў дзікай прыродзе ў бліжэйшы час можа не з'явіцца і паехала ў Ліду. Трэба сказаць, што я была адным з апошніх візіцёраў да гэтай птушкі, да мяне сюды амаль кожны дзень завітвалі іншыя арнітолагі і аматары птушак. Вялікую дапамогу ўсем жадаючым паглядзець на мандарынку (у тым ліку і мне) аказаў мясцовы аматар птушак Юрый Квач. Вялікі дзякуй!

Мы з мандарынкай))) 
Фота Д. Якубовіча




=) 


пятница, 3 октября 2014 г.

Восень на станцыі кальцавання птушак. Латвія. Папэ.


Кастрычніка месяца 1 дня

Трыццатага верасня я выехала з Мінску на аўтобусе ў напрамку Рыгі. Далей мой шлях ляжаў да мястэчка Папэ, дзе знаходзіцца станцыя кальцавання птушак. Дабралася да Jelgava, дзе мяне сутрэў Оскарс і далей мы ехалі на яго машыне. Мы пераадолелі больш за 200 км і апынуліся ў Папэ. Па дарозе я налічыла 14 гнездаў белага бусла, сустракаліся стайкі кнігавак і севак. Папэ гэта веска ці пасёлак, раней тут было больш народу і хадзіў аўтобус, а зараз  большасць людзей адпачывае тут летам ды на выходных. Станцыя кальцавання ўяўляе сабою некалькі невялічкіх домікаў на марскім ўзбярэжжы. Да мора тут рукой падаць, чуваць шум марскіх хваляў. З назіральнай вышкі адчыняецца найпрыгажэйшы від на мора і сам паселак з возерам. Гэта другое для мяне мора за гэты сезон – Балтыйскае, як і папярэдняе Белае, я бачу яго ўпершыню ў жыцці. Пачуцці проста зашкаліваюць, а сёння быў неверагодны заход сонца, такі як мне падабаецца з ружовым небам і фігурнымі воблачкамі. Для адлова птушак стаіць даволі вялікая лавушка (хаця на самой справе яна маленькая, я вялікую сабралі, бо на станцыі мала народу). Яна мае шырокі уваход, а потым праход звужаецца і сканчаецца камерай, дзе і збіраюцца птушкі. Калі прыходзіш на праверку частка птушак ужо ў камеры, а частку можна загнаць туды. Сёння ўвечары лавілася няшмат чаго: вялікія сініцы, даўгахвосцікі, малінаўкі, малы дзятлік. Заўтра мы чакаем вялікі паток птушак, я буду займацца іх дастаўкай, а Оскарс кальцаваннем. Планую яшчэ даследаваць узбярэжжа, можа мне пашанцуе і я пабачу цікавы для мяне від.



А тут я жыву=)






Кастрычніка месяца 2 дня

Сёння кальцавалі птушак з сямі раніцы. Пачыналася ўсё даволі спакойна: малінаўкі, дразды, крапіўнічак. А калі стала зусім светла пачалі лавіцца каралькі, сініцы (вялікія, даўгахвостыя, блакітныя сініцы, гаічкі, маскоўкі). Асабліва шмат было вялікіх сініц і даўгахвосцікаў. Даўгахвосцікі для мяне гэта хадулачнікі сярод сініц, такія ж мілыя, з такімі мілымі ўважлівымі тварыкамі. Залятаюць яны ў сетку цэлымі стайкамі, адна за адной, і калі з камеры іх перасожваеш у пераноску яны глядзяць на цябе праз сетку сваімі вочкамі бусінкамі з белых пысачак. А ў кальцавацельскай, пакуль яны чакалі сваёй чаргі, часам чулася нескладаная прыгожая песенка. Даўгахвосцікі сінічкі мелкія, толькі і ёсці што хвост. Трапілася сёння і хахлатая сініца, акальцованая таксама тут, толькі раней. Была  яшчэ адна вялікая сінічка з галандскім кальцом. З цікавых відаў парадавала пячураўка-зарнічка, трапілася з самага ранку сярод каралькоў я не адразу яе заўважыла. Справа ў тым, што зусім нядаўна гэта птушка была  ўпершыню адлоўлена ў Беларусі, і перад ад’ездам я як раз прачытала пра гэта, паглядзела здымкі. І вось тут у першы ж дзень пабачыла гэту птушку – новы для мяне від. Пазней яшчэ адлавілі юрка і садовую леску, не такія і рэдкія віды, аднак злавіліся ўсяго па аднаму разу і сталі даволі каштоўнымі. Карацей увесь мой дзень прайшоў у перабежках ад сетак да кальцавацельскай і назад. Пагэтаму к сярэдзіне гэтага дня я добра адчула свае ножкі=). Актыўнае кальцаванне працягвалася да трох гадзін дня, было акальцована  290 птушак. У вечары ж птушкі ўжо амаль не лавіліся і да 300 мы так і не дацягнулі. Затое я пайшла прагуляцца па ваколіцах Папэ, перайшла праз дарожку, выйшла ў поле да заросшага берага возера, павярнула галаву направа і ўпершыню ў жыцці пабачыла белашчокую казарку, а дакладней пару гэтых птушак. Гэта першая ў маім жыцці казарка! Птушкі апынуліся зусім не пужлівымі, я назірала за імі з метраў 13 не больш. Яны канешне таксама паглядалі на мяне і карміліся. На самой справе я ішла пашукаць вусатых сінічак, аднак пабачыла казарак і забыла пра ўсё, не магла адарваць вачэй. З гэтай сустрэчай дзень склаўся зусім добра.  






Кастрычніка месяца 3 дня
Сёнішні дзень ён асаблівы – я кальцавала!! І акальцавала я сёння 21 птушку наступных відаў: дрозд спявун, чорны дрозд, малы дзяцел, вялікая сініца, бурагаловая гаечка, даўгахвостая сініца, жоўтагаловы каралёк, шуляк-карагольчык (тут я прызнаю сябе толькі асістэнтам – трымала птушку, ну і канешне ўнікала ў справу). Пачуцці трэба сказаць самыя найлепшыя: па-першае табе даверылі кальцаваць птушак, нават гэтага маленькага каралька, а па-другое – ты пра гэта столькі марыў, што нават адна акальцаваная птушка – гэта сапраўдная радасць. Аднак пакальцавала я толькі з раніцы, а потым перайшла зноў да пераноскі птушак, бо колькасць апошніх значна павялічылася. Сёння значна больш ляцела сініц, асабліва даўгахвостых. У вечары да нас на выходныя далучыўся Эліес.





Кастрычніка месяца 4 – 5 дней
На самой справе я губляю лік дзён, а ўжо прыйшлі выходныя. Субота і нядзеля праляцелі зусім непрыкметна. 4 і 5 кастрычніка еўрапейскія дні назіранняў за птушкамі, пагэтаму на станцыі ў гэтыя дні Оскарс праводзіў экскурсіі. Людзей было няшмат, аднак усім было цікава – не кожны дзень можна вось так блізка паглядзець птушку, нават тую ж сініцу. На гэтыя дні маім дапаможцам з птушкамі стаў Эліес. Разам мы вылаўлівалі адлоўленых, перасожвалі, пераносілі. Гэты хлопча пакінуў у мяне ў душы цёплы, светлы след. Я нават атрымала падзяку за тое, што дапамагла з рускай мовай, хаця на самой справе нічога такога я не зрабіла. Птушкі лавіліся ўсё тыя ж: сінічкі розных відаў ды каралькі. Кожную раніцу атрымліваецца злавіць драздоў, а потым увесь дзень сініцы, сініцы, каралькі, малы дзятлік (УРА!!!). Аднак колькі б такіх сінічак я не ператрымала ў руках я не магу сказаць, што яны мне надаелі, глядзіш на гэта выдатная стварэнне прыроды і радуецца душа. Акальцавала дразда-спявуна, малінаўку і малога дзятла. Прамеры становяцца куды лепш, што не можа мяне не радаваць, ды і кальцую ўжо куды ўпэўненей. Стараюся запамінаць розныя неабходныя прыкметы, у тым ліку форма пераў у хвасце, колер іх пад крылом, на галаве, нават колер скуры на галаве. Я разумею, што чым больш дробязяў, тым мне больш падабаецца. Акрамя ўсяго гэтага ў мяне яшчэ адна радасць – пабачыла пясчанку, другі раз у жыцці і другі раз за гэты год. На беразе мора шукаюць сабе ежу вялікія зуйкі, а разам з імі пясчанка і вялікі кіркун. У нядзелю было дзіўнае мора глыбокага блакітнага колеру з персікавым небам над ім, першы вечар яно было спакойнае, амаль без хваляў.


Вось такое дзіўнае сэлфі, дзякуй дзятлу=)


У гэтым усе каралькі, павіснуць жалобна і нічога не паробіш з імі)



Кастрычніка месяца 7 – 8 дней
Адбыліся змены ў саставе пражывючых на станцыі і Оскарс пакінуў мяне. Зараз асноўны кальцавацель у нас Юдзіс. Часам кальцую і я, з апошніх уражанняў кальцаванне маладога самца шуляка-карагольчыка. Зараз на станцыю прыехала Ілза і пачалася лоўля соў. Методыка даволі простая: ставіцца сетка, прыходзіш пад яе ў змроку з цацкай пішчалкай і так сядзіш усю ноч – пішчыш. Совы прылятаюць на гэты гук і калі шанцуе трапляюцца ў сетку. Аднак каб злавіць саву пад сеткай трэба прасядзець не адну гадзіну. Са мной дзве ночы лавілі соў Оскарс і Маргарет. Оскарс - фатограф, шмат вандруе па свету, здымае жывел для каляндарэй. Я таксама атрымала каляндар з птушкамі ў падарунак з подпісам ад аўтара. Магу сказаць, што пакуль што сава так і не патрапіла ў сетку, хоць некальуі разоў яны і падляталі даволі блізка. Адзін раз сава падляцела дакладна да таго месца, дзе сядзела я з пішчалкай. Застаецца спадзявацца, што аднойчы ноччу я злаўлю сваю саву. А вось дзяўчынкам на возеры пашчасціла больш і ў адну з начэй яны злавілі дзвух балотных соў. Я думаю не трэба казаць, што гэта за радасць патрымаць саву ў руках, а мне далі ў рукі адразу дзве. З двух бакоў яны паглядалі на мяне, часам шчоўкалі дзюбамі, ад махнатых лапак ішла хваля цепла. А самай першай ноччу замест савы ў сетку трапіла слонка, я ўпершыню патрымала гэту птушку ў руках. Трэба сказаць, што я зразумела чаму на іх палююць – птушка была даволі спраўненькая.

Цыкл фотаздымкаў Настасся і птушкі)


Слонка...


Шуляк-карагольчык...


Ну і совы...парачка балотных...


Оскарс з імі ж...


Блакітная сініца панк...я думаю)


Некалькі разоў у сетку трапляўся крапіўнік


Чыж..


Злавіўся і такі прыгожы, дарослы самец шуляка...


Кастрычніка месяца 9 – 10 дней
Усё бліжэй мой ад’езд і сэрца ўжо больна зашчаміла, зараз стараюся не думаць аб гэтым. Надвор’е моцна сапсавалася, з мора налятае халодны вецер, часам выходзіць туман, накрапвае дожджык. Усе гэта не спрыяе адлову птушак. З раніцы ўсё ляцяць сініцы з каралькамі, радзей чыжы з юркамі і берасцянкі. Злавіліся яшчэ дзве Phylloscopus inornatus – пячураўкі-зарнічкі, яны прыемна разбавілі звычайныя віды.



Вось яна Phylloscopus inornatus


Ну і селфі..да рэчы ў мяне цяпер іх огого колькі

Адлавілі пяць даўгахвостых сінічак  з эстонскімі калечкамі, усе пяцера з адной сотні. Спачатку адлавілі трох, а праз дзень яшчэ дзвюх. Гэта заўсёды такое адчуццё моцнае калі бачыш птушку з кальцом. Потым альбо яно ўзмацняецца, таму што птушка з іншай краіны, альбо не – значыць мясцовая, недаўна акальцованая, альбо (радзей) акальцованая тут толькі не ў гэтым годзе, што таксама прыемна. Дык вось эстонскія сініцы…а да гэтага было ў нас яшчэ дзве "масквічкі", таксама даўгахвосцікі. Калі ловіцца птушка з іншаземным кальцом адразу адчуваеш, што не проста так людзі рабілі гэту працу, думаецца пра тое, што вось маленькая птушачка пераляцела, пераадолела мяжу паміж краінамі, а заўтра можа быць перасячэ яшчэ не адну мяжу.



 А вось блакітная сінічка з літоўскім кальцом.

Здарылася!!! Я злавіла сваю першую саву – вушатую. Менавіта на чацвертую здаецца ноч яна ўсё ж такі злавілася. І на мае пытанне: - Ну як так, чацвератая ноч, чаму не раней? Мне сказалі адну мудрую рэч: - Ну калі ловіцца, яно ловіцца. Застаецца спадзявацца, што ў застаўшыеся ночы атрымаецца злавіць яшчэ совак.



Вось яна, мая першая злоўленая сава!

Кастрычніка месяца 13 дня
Я сяджу паміж морам і лавушкай і пачынаю пісаць тое, што так не хацелася пісаць. Вось і прабеглі два тыдні, такія доўгія і такія кароткія. Я шмат чаго яшчэ хачу напісаць, асабліва пра людзей. Трэба падвесці нейкі вынік усяго. 
Перш за ўсё хачу расказаць пра Донатса, здаецца я яшчэ не пісала пра яго, хаця я пазнаёмілася з ім як толькі прыехала. Я б назвала гэтага чалавека душой усёй станцыі, ён як дамавік у добрым сэнсе гэтага слова. Да яго можна звярнуцца з любымі жыццёвымі пытаннямі, ён заўсёды нешта прыносіць каб падкарміць нас, дае розныя парады. Яго ўплыў не адразу заўважаеш. Я рада, што пазнаемілася з ім. А таксама канешне з Оскарсам, Малісам, Юдзісам і ўсімі тымі, хто за гэтыя два тыдні быў тут. Я ўдзячная Оскарсу за яго ўрокі і заўвагі. Я дакладна адчула як лягла цаглінка ў фундамент  майго прафесіаналізму. 
Зараз на станцыі нас усяго тры чалавекі: Донатс, Маліс і я. Заўтра з самай раніцы я пачну сваю дарогу да дому. Амаль пяць гадзін вечара і ўжо мала што ловіцца, час ад часу выпускаю даўгахвосцікаў. Сёння надзіва добрым было надвор’е: сонейка сапраўды грэла і я распранулася да майкі. Перад гэтым усё былі дажджы, туманы, халаднавата, а сёння быў невялічкі рэванш. Апошнія дні я не пісала дзённік, таму што здаецца нічога цікавага не адбывалася, былі звычайныя працоўныя дні. Аднак яны мне падабаліся гэтыя дні.
Сёння я дадала ў спіс відаў залацістую сеўку. Неяк зусім выпадкова выйшла да мора, пакуль не было птушак, а там сеўкі. Прыемна…
І яшчэ некалькі слоў пра гэта месца, пра Папэ. Кожны дзень над галавой цягнуліся стаі птушак: сініцы, берасцянкі, голубы, гусі, каралькі…Справа ў тым, што тут дужа ўдалае месца, станцыя стаіць паміж морам і возерам, атрымліваецца такая “бутылка”, з-за чаго і птушак шмат. Гэта неверагоднае пачуццё, калі птушкі ляцяць і ляцяць, спачатку яшчэ прыкідваеш колькасць, а потым збіваешся і проста разумееш, што вось гэта і называецца шмат. 
Ну ўсё, думкі зусім зблыталіся. Пара пачынаць збіраць рэчы і напісаць падзяку, схадзіць да мора і …
P.S. Увечары я даведалася, што домік дзе я жыву мае сваю гісторыю. Некалькі год ён выкарыстоўваўся як плавучы дом  на возеры Engure. Да яго прыраблівалі матор і так можна было пераязжаць з аднаго канца возера да другога, сёння працаваць тут, а заўтра там. Потым яго перавезлі ў Папэ, дзе зараз ён і стаіць. І ў ім, гэтым невялічкім доміку, я пражыла два тыдні=). 




Прыгожае неба


Маяк, я назірала за ім, калі лавіла соў...



Познія кветкі...


Конікі...аднойчы я назірала як вось гэты маленькі поні даганяў сваіх большых сяброў, ён спяшаўся, бег ўздоўж мора...а наперадзе скакалі вось гэтыя прыгажуны, адзін пад сядлом, а другі проста побач.


А з гэтага грыбка ў мяне быў суп)


На світанні...