понедельник, 29 декабря 2014 г.

Зімовая сустрэча!

І зноў цікавае феналагічнае назіранне ў апошнія дні гэтага года. Каманда Angry birdwatchers выйшла прагуляцца ўздоўж Свіслачы ў раёне вёскі Новы двор. Шмат чаго цікавага было пабачана намі, а каля шлюза сустрэлі мы лясную завірушку! Хутчэй за ўсё гэта першая такая рэгістрацыя для нашай краіны, хаця магчыма, што птушкі гэтага віда заставаліся зімаваць і раней, проста назіральнікі не абвяшчалі аб такіх рэгістрацыях. Лясныя завірушкі адлятаюць у верасні - кастрычніку да месцаў зімовак: заходняй і паўдневай Еўропы, паўднева-заходняй Афрыкі, Азіі. Да рэчы для гэтага віду адзначаецца магчымасць зімовак у межах гнездавога арэала.
Акрамя завірушкі, тут жа, каля шлюза шукалі сабе харч пеначка-ценькаўка і малінаўка. Часам пеначкі-ценькаўкі застаюцца зімаваць каля месцаў, дзе ёсць сток цёплай вады. 1 снежня гэтага года пеначку-ценькаўку сфатаграфаваў на Немане ў Гродна Д. Якубовіч. А 28 снежня гэту птушку сфатаграфавалі пад Менскам мы. Думаю, што такіх рэгістрацый можа быць і больш, калі праверыць падыходзячыя месцы. Малінаўка таксама сустракаецца на зімоўцы ў нашай краіне.
Дзень выдаўся даволі багатым на сустрэчы. Вось спіс: крыжанка звычайная, нырок-свірок (трымаецца на Свіслачы з 14 снежня), вялікі савук, шэрая чапля, звычайны папаўзень, звычайны паўзунок, вялікая сініца, блакітная сініца, дзяцел сярэдні, дзяцел малы, чыж, зелянушка звычайная, шчыгел чорнагаловы, дрозд-піскун, шуляк-галубятнік, пеначка-ценькаўка, лясная завірушка, малінаўка, зімародак звычайны, крапіўнік.



Пячураўка-ценькаўка. Фотаздымак М. Львова

Лясная завірушка і пячураўка-ценькаўка. Фотаздымак М. Львова


Нырок-свірок. Фотаздымак М. Львова

четверг, 18 декабря 2014 г.

У Чырвоным бары!


Частка нашай каманды: Вольга, Андрэй, Сяргей і ваш пакорны слуга)

Зусім нечакана для сябе я адправілася ў гэту вандроўку. На гэты раз я апынулася на поўначы Беларусі, у заказніку "Чырвоны бор", на хутары Дмітрыя Шамовіча. Мэта нашай вандроўкі - выраб гнездавых домікаў для даўгахвостай кугаўкі. Сабраў нас на поўначы Дзяніс Кіцель. У пабудове домікаў удзельнічалі Андрэй Барадзін, Юрый Квач, Вольга Фурс, Сяргей Гацкі. Я канешне таксама прымала ўдзел, працавала наша кампанія пад рукаводствам Дзяніса. Па вынесенаму вопыту магу сказаць, што прынцып пабудовы для любога доміка амаль аднолькавы, змяняюцца ж памеры, пры спецыфічных патрэбах віду і канструкцыя. Хачу звярнуць асаблівую ўвагу на важнасць такіх біятэхнічных мерапрымстваў. Напрыклад, даўгахвостая кугаўка селіцца ў дуплах, спарахнелых зломленых ствалах. Часам такіх месцаў птушкам не хапае, узнікае праблема дзе ж гнездавацца. Для таго каб забяспечыць птушку гнездоўямі вешаюцца штучныя домікі, якія птушкі і займаюць. Вось тут можна прачытаць больш пра выкарыстанне штучных гняздоўяў http://birds-addicted.blogspot.com/. У выніку мы пабудавалі пяць домікаў для даўгахвостай кугаўкі, два гагалятніка, чатыры доміка для сонь і адну скрыню для вушатай савы.


 Домік для соні





Аднак не толькі пабудовай домікаў я там займалася. Канешне мы з Дзянісам паставілі сеткі для адлова птушак. Лавілася іх няшмат і толькі ў першай палове дня, а ў другой мы сеткі зачынялі і ехалі развешваць нашы дамы. Падчас кальцавання я павучылася вызначаць формулу крыла і разабралася ўсё ж такі з тлушчам. Памерыць формулу крыла справа не з легкіх, аднак на трэццяй птушцы, мне ўдалося хаця б правільна зафіксаваць крыло. =)
А яшчэ збылася мая мара -  я пабачыла глушча. Тут, у Чырвоным бару, вясной можна паназіраць за токам гэтых птушак.




Фотаздымкі Дзяніса Кіцеля! Апошніх два я проста знайшла ў інтэрнэце))

І закідываю фотаздымкі, зробленыя Юрай Квачом.


Вялікая сініца, трапіўшая ў мае рукі)))


А вось тут сабака маёй мары!!!

понедельник, 8 декабря 2014 г.

Баравы жаўрук - першая рэгітрацыя на зімоўцы!

Баравы жаўрук (Lullula arborea) 8.12.2014

Апошні час мне шанцуе на цікавыя сустрэчы (ох, толькі б фатуна і далей не пакінула мяне)! Дык вось, раскажу пра апошняе цікавая назіранне. 6 снежня я з Андрэем Барадзіным і Алінай Пашэк паехалі пад Фаніпаль пашукаць сняжурак. Не адзін раз гэтай зімой  іх рэгістравалі на Гарадзеншчыне, мы падумалі чым Міншчына горш. Адразу скажу, што сняжурак падчас гэтай вандроўкі мы не знайшлі, затое падзівіліся на баравога жаўрука на зімоўцы. Падзівіліся і паехалі да дому, а самае цікавае пачалося калі гэта вестачка дайшла да больш дасведчаных арнітолагаў. Узнікла шмат пытанняў, таму што да гэтага інфармацыі аб зімуючых баравых жаўруках не сустракалася. Месцы зімовак гэтага віду даволі далёка ад нашай краіны: Егіпет, Б. Усход, ды і адлятаюць баравыя жаўрукі ў верасні, кастрычніку, радзей лістападзе. А тут рэгістрацыя ў снежні і без фотаздымку. Да рэчы, я не ведала, што такіх рэгістрацый не было, пагэтаму і не стала фатаграфаваць птушку. У рэшце рэшт, каб праверыць саму сябе, я  8 снежня вырашыла яшчэ раз наведацца да вескі Навінка, і паспрабаваць знайсці жаўрука. Не адразу, аднак мне гэта ўдалося. Я змагла даволі доўга і грунтоўна паназіраць за птушкай, разгледзець яе, адмесці палявога жаўрука, і калі я ўжо была перакананая птушка вырашыла праспяваць, гэта была апошняя кропля, апошні аргумент. Такім чынам мы зрабілі цікавае назіранне, а я дасканала разабралася ў адрозненнях палявога і баравога жаўрукоў. 

Невялічкая спраўка: 
Баравы жаўрук (Lullula arborea) падобен да палявога жаўрука (Alauda arvensis), аднак меншы па памеру, з больш кароткім хвастом, крайнія рулявыя ў хвасце не белыя. Для нашай краіны звычайны на гнездаванні, пералётны і транзітна мігруючы від. Больш інфармацыі тут http://www.ptushki.org/guide/bird/208.html 



суббота, 6 декабря 2014 г.

Няміга здзіўляе! (альбо як дадаваць віды, не выязжаючы з Менску)

Birdwatcher - такі чалавек, які за новым відам птушак хоць на луну, як кажуць. Шмат разоў і я адпраўлялася ў розныя вялікія і малыя вандроўкі, каб пабачыць новыя віды. Аднак бываюць выпадкі, калі віды самі ідуць у рукі, і ехаць далёка зусім не трэба. Пачалося ўсё з Мікіты Львова, які на Менскім моры сфатаграфаваў гагача ці чорнаваллёвага, ці чырвонаваллёвага, тут погляды экспертаў разыйшліся. І мы (я, Мікіта і Андрэй Барадзін) адправіліся на праверку, каб высветліць хто ж бліжэй да ісціны. Гагача мы не знайшлі, затое Мікіта заявіў, што на Нямізе сядзіць марская чайка (Larus marinus). Прыехалі мы да палацу спорта, а тут і сапраўды сядзіць марская чайка, від які я ў Беларусі не бачыла. Вось гэта значыць апынуцца ў правільным месцы! З назвы зразумела, што гэты від птушак насяляе берагі акіянаў і мораў. Акрамя таго скалістыя выспы, выспы рэк і азёр і нават тарфянікі. Пасля гнездавога перыяду птушкі трымаюцца ў прыбярэжнай зоне мораў, і могуць вось так спарадычна залятаць на кантынентальныя вадаёмы. Для нашай краіны гэта рэдкі, залётны від. 


Марская добра адрозневаецца ад іншых відаў чаек: яна большая па памеры, з ружовымі лапамі і цёмнай афарбоўкай цела. Фота М. Львова

Так на Нямігу стала завітваць больш народу. І ўсяго праз некалькі дзён я і Дзяніс Кіцель пабачылі чорнагаловую чайку ( Larus melanocephalus), амаль на тым жа месцы, што і марскую. Птушка гэта для жыцця таксама абірае марскія ўзбярэжжы, і акрамя таго дэльты, залівы балоты, эстуарыі, селіцца і на кантынентальных вадаёмах. Чарнагаловую чайку бадай можна пераблытаць з чайкай-рыбачкай. Аднак, калі вока больш менш набіта - адрозненні нельга не заўважыць. У дарослай птушкі адсутнічаюць чорныя канцы крылаў, характэрныя для рыбачкі, дзюба ружовая, больш кароткая і з чорным кальцом. А вось маладыя птушкі падобны да маладых шызай чайкі.



На фота дарослая чайка ў зімнім уборы. Фота Д. Кіцеля

Працягваю назіраць на Нямізе, чакаю трохпалую чайку!)