воскресенье, 20 сентября 2015 г.

Міёры...Жураўлі...Саламяныя замкі



182 кіламетры, наперадзе Мінск. Наша ўзрушаная, змораная аднак задаволеная каманда пакінула Міёры. За плячыма мноства ўражанняў, цэлы фестываль "Жураўлі і журавіны"і тысячы журавоў. 

Як гэта было??


Прыехалі ў Міеры каля 17 гадзін і адразу накіраваліся на назіральныя вышкі. Мая каманда складалася з чатырох чалавек. 

Вось такім складам мы і ўлічвалі журавоў...+ Я, канешне))

Са сваёй вышкі мы налічылі 870 журавоў - гэтыя птушкі непасрэдна праляцелі каля нас. Не трэба тлумачыць як неверагодна адчуваеш сябе, назіраючы такую колькасць птушак. Журавы ўздымаліся з палей, дзе яны карміліся днем і зараз, увечары, накіроўваліся ночыць на балота. Вось падчас гэтага пералета мы і рабілі ўлік. Як мы пагадзіліся з Вікай Церашонак - журавы птушкі душэўныя! Час на вышцы праляцеў незаўважна, здаецца толькі ўздымаліся на яе, як ўжо прыйшла пара вярнуцца на зямлю.

Наша вышка.
Асабіста хочацца падзякаваць Аляксандру Кляшчонку, у якога дома я правяла больш за гадзіну, чакаючы нашу машынку. Тут мне не проста далі часовы прытулак, аднак і пацешылі размовай, і смачна накармілі.
На наступны дзень мы з самай раніцы разведвалі месцы, дзе есць жураўлі, каб менавіта туды прывезці ўсіх жадаючых пабачыць прыгожую, занесеную ў Чырвоную кнігу птушку. Месца знайшлося хутка і ўжо ў 11 гадзін я з першым аўтобусам адбыла ў зусім недалекае падарожжа. Усе здаецца было як заўседы (у фестывалі я ўдзельнічаю трэці раз), аднак было і шмат чаго па-новаму прыемнага. Кіроўцы былі мне знаемыя яшчэ па прошламу году. Мужыкі яны душэўныя, прывіталіся. а адзін з іх і кажа: "Ты ж Насця? Я цябе памятаю, табе ў тым годзе падабалася ў мікрафон з аўтобуса абвесткі даваць". І сапраўды падабалася, я там ізгалялася як магла, каб больш людзей накіраваць на экскурсіі. Ды вернемся да гэтага году...З прыемнага было і тое, што падчас віктарыны адказы на пытанні добра ведаў наш кіроўца. Здаецца год прайшоў, а чалавек памятае, значыць мы не дарма працавалі.
Вяртаемся з экскурсіі
У полі людзей сустракалі  нашы эксперты, выдавалі оптыку і распавядалі пра жураўлей тое чаго не паспелі па дарозе дараспавесці мы. Тут жа дапамагалі і мы - аўтобусныя экскурсаводы. На другім аўтобусе працавала Жэня Лучык. У кожнага была магчымасць пабачыць журавоў, даведацца чым адрозніваюцца маладыя птушкі ад дарослых, чаго птушкі збіраюцца менавіта тут, ды і ўвогуле задаць любое пытанне. Пытанняў генерыравалася шмат і самых розных...

Падчас экскурсіі
У гэтым годзе побач з оптыкай ляжаў невялікі нататнічак, дзе кожны жадаючы мог пакінуць водгук аб экскурсіі. Там для нас напісалі шмат цеплых словаў, што не магло не крануць. 
Вось у такіх клопатах і праляцеў дзень. Мы суправадзілі па пяць аўтобусаў, на экскурсіі прыехала каля 570 чалавек, не ўлічваючы тых, хто дабіраўся следам за аўтобусамі сваім ходам, бо не ўсех яны маглі адразу змясціць. 
Вельмі і вельмі прыемна было чуць словы падзякі, бачыць зацікаўленасць людзей. Гэта дае добры зарад на будучую працу.
Пасля таго, як апошні аўтобус вярнуўся ў Міеры, мы адправіліся на Ельню на экасцежку. Былі ў нас у камандзе людзі, якія яшчэ не наведвалі яе. Балота сустрэла нас жоўценькімі, восеньскімі бярозкамі, журавінамі і жураўлямі, якія зляталіся на балота. Вялізныя стаі праляталі ледзь не над нашымі галовамі. Гледзішча магло захапіць каго заўгодна...

Сядаюць на балоце...
Від з назіральнай вышкі каля экасцежкі

Неверагодна прыгожая Жэня






Так прайшло наша невялікае падарожжа. Заняло яно няпоўных два дні, аднак падаецца, што былі мы там значна больш. Неяк паспяваеш падаяднацца з гэтым балотам, птушкамі, людзьмі...

Даведка: фестываль "Жураўлі і журавіны" праводзіцца ў чацверты раз. У розныя гады на Ельні адзначалася ад 2500 да 4000 журавоў.  Балоту Ельня каля 8000-9000 год, утварыў яго Валдайскі ледавік. На балоте больш за 100 азер, з іх 30 найбольш буйных.

воскресенье, 6 сентября 2015 г.

Як я ўпершыню "капітаніла". Чымпіянат па спартыўнай арніталогіі



*** Сваім загалоўкам нічога такога не хацела сказаць. Усе чальцы каманды ( Андрэй Шэўчык, Андрэй Барадзін, Мікіта Львоў і я ) ў нас былі хутчэй партнёрамі, і капітан нічога асаблівага і не рабіў. Адзінае што, час ад часу ўхваляў віды, калі ўзнікалі спрэчкі: 
- Капітан ухваляе? 
- Неее)))....
... ну альбо 
- Так.
Некалькі разоў адзін асабіста недаверлівы чалец каманды (прывітанне майму дарагому Мікіце Львову) спрабаваў адхіліць віды пачутыя капітанам. Аднак я была моцна ўпэўнена, а такім людзям хочацца давяраць. 

А цяпер пра сам чымпіянат. Як і іншыя каманды-ўдзельніцы Troglodytes  стартавала а шостай гадзіне ў ваколіцах г. Калінкавічы. Адразу хочацца сказаць вялікі дзякуй Андрэю Шэўчыку нашаму кіроўцу і гіду. Без яго ведання мясцовасці ў такі пахмурны, з рэдкім сонейкам дзянёк, мы б не здолелі набраць наш 91 від. Вынік у параўнанні с іншымі камандамі здаецца і меншы, аднак ведаючы гісторыю гэтай гонкі разумееш, што вынік добры.
Дык вось стартаваць мы канешне стартавалі, аднак сыч-сіпель нас адразу моцна падвёў і з шасці гадзін як быццам сыйшоў у падполле. Да шасці раніцы яму было так няблага, а пасля шасці напэўна засаромеўся. Не зважаючы на гэты факт мы з галавой кінуліся ў гонку. Спярша выбралі ў лесе ўсё што змаглі, усе што хаця б падало голас, альбо мела неасцярожнасць з'явіцца перад намі. На першыя дваццаць відаў нам спатрэбілася гадзіна. Пакуль шасталі па лесу напаткалі куніцу, якая залезла на дрэва і адтуль нейкі час пільна назірала за намі.


Пасля леса заехалі на меліарацыю і паскакалі на рыбгас "Трэмля". Безумоўна рыбгас дадаў відаў у наш спіс, аднак шмат з іх прыйшлося браць проста з боем. Доўгі час не маглі "выгнаць" з трыснягоў ніводнай чаротаўкі. У выніку ў спіс мы ўсе ж такі дадалі звычайную і драздовую чаротаўку, аднак толькі нам вядома як гэтыя віды нам дасталіся. У час пераездаў паміж сажалкамі рыбгаса напаткалі берасцянку. Здаецца б звычайны від, а радасці не было межаў, бо берасцянка таксама пільна хавалася ад нас. Я нават пачала жартаваць, што ў гісторыю мы ўвойдзем не рэдкімі відамі, а адсутнасцю звычайных. Трэба сказаць, што мы так і не знайшлі лебедзя-шыпуна, не пабачылі ніводнай лескі. Затое ў нашым спіне апынулася дзесяць відаў розных драпежных птушак ад шуляка-шалубятніка да сокала-кабца і вялікага арляца.



Напрыканцы гонкі мы выйшлі на невялікую вырубку дзе сутрэлі два жаданых для нас віды: звычайнага паўзунка і беласпіннага дзятла. Менавіта адсюль я зрабіла апошні званок, назвала наш апошні від і сказала, што мы фінішыравалі. Так скончылася гэта гонка. Мы былі маладой і амбітнай камандай, якая скончыла гонку, я лічу, на ўзроўні астатніх. Свае памылкі абавязкова выкарыстаем для свайго навучання - на будучыню. Спадзяюся ў наступным годзе мы зможам ўдзельнічаць такім жа складам (Мікіта, не сыходзь у войска)

P.S. Дзякуй, хлопцы, за выдатны дзень!!!
Пра вынікі чымпіянату тут www.ptushki.org




понедельник, 27 июля 2015 г.

Чырвоны Бор - эпізод чацверты, летні



На двары сярэдзіна лета. Лес здаецца мертвым, рэдка дзе праспявае птушка. Я з антэнай і рэсіверам прабіраюся беларускай тайгой у пошуках глушца з радыёметкай. Нядаўна прайшоў дождж, лес не абсохшы, вада сцякае за каўнер, страсаецца з ветак на твар. Бррр, вільготна аднак! Сігнал становіцца ўсё мацней і мацней. Разгублена кідаю позіркі вакол - дзе ж мой герой? І вось, у метрах двух ад мяне, з-пад елкі шумна ўзлятае шукаемая птушка. Упершыню за жыцце я ўскрыкнула ў лесе. =)
Але якім бы мертвым і прыціхшым не здаваўся лес, тут ідзе сваё жыццё. Прыкметы гэтага на кожным кроку: прымятая на месцы адпачынку лася трава, пратоптаныя звярыныя сцежкі, каралькі дакармліваюць птушанят, маладыя шулякі з граем носяцца па лесу. Ідзеш, недалека падымаецца ўстрывожаны табой лось і пускаецца наўцёкі. Найцікавейшая гэта справа назіраць за ўсім гэтым. 
Цяпер вернемся да глушцоў...У ліпені-жніўні глушцы ліняюць. На гэты перыяд птушкі для жыцця абіраюць самыя глухія месцы, таму што здольнасць да палету часткова альбо поўнасцю губляецца. Менавіта пагэтаму, шукаючы глушцоў я падыходзіла да іх так блізка - не надта ім хочацца зараз лятаць. Асноўным кормам у летні перыяд для іх з'яўляюцца чарніцы. Кавалкі тэрыторыі у птушак невялікія. Напрыклад самец 211 (празваны мной "могілкавым", таму што на яго пошукі ў лес трэба было заходзіць каля могілак) заўсёды знаходзіўся прыкладна ў адным і тым жа месцы. Адлегласць паміж кропкамі рэгістрацый змянялася ад 300 м да аднаго кіламетра. 
Акрамя гэтага, атрымалася нарэшце добра разгледзець малога арляца. І ўпершыню ў жыцці паглядзець на птушанят  сокала-кабца. 

Фота замет тысячы словаў 

 Дарога праз балота "Вялікі мох"
 За глушцом
 Возера "Акунёвец"
 Вусач

 Шукаеш-шукаеш ды і падсілкуешся ягадамі

 Мой спадарожнік Амур (не заўсёды, аднак суправаджаў мяне)




Беласпінны дзяцел


Вось прыкладна так прайшоў тыдзень. Незаўважна праляцеў у пошуках глушцоў, назіраннях, прагулках па лесу ды балоту. 

четверг, 28 мая 2015 г.

Калі дома жыве птушачка

Адзін з маіх гадаванцаў! Праўда зараз пераехаў да маёй маці ў Горкі.

Размова пра птушак, праўда на гэты раз хатніх. Падзялілася пэўным вопытам і даволі простымі рэчамі. У любым выпадку перад тым як завесці пернатага трэба дасканала вывучыць асаблівасці яго жыцця.

http://zviazda.by/2015/05/85180.html

суббота, 16 мая 2015 г.

Салаўіная песня

17 траўня я правяла сваю першую паўнамаштабную, як я аб ёй думала, экскурсію. І хаця спачатку я распавядала не так ўпэўнена яе мне б хацелася, хутка я асвоілася і ўсе пайшло лепш. Нягледзячы на дрэннае надвор'е (страшэнны вецер і холад) у нас атрымалася пабачыць і пачуць 16 відаў птушак. Нажаль, салавей падчас экскурсіі не заспяваў...я канешне была засмучана гэтым фактам. Аднак, літаральна праз пяць хвілін як мы аб'явілі канец усей падзеі салаўіная песня загучала аж з двух бакоў. Бывае і такое...Для мяне экскурсія прайшла добра, спадзяюся цікава было і слухачам. 

Салавей усходні (Luscinia luscinia). Фотаздымак Д. Якубовіча

Напярэдадні экскурсіі ў межах "Салаўіных вечароў" я вырашыла пацікавіцца песняй нашага лепшага спевака. Кожны ведае, што песня нашага, а значыць, усходняга салаўя, складаецца з розных кален. Аднак далека не кожны ведае іх назвы, а тым больш можа адрозніць адно калена ад другога. Звычайна песня салаўя складаецца з 5 - 10 кален, і толькі ў некаторых птушак колькасць кален у адной песне можа дахадзіць да 20, аднак гэта выключэнні. А сам каленны рэпертуар у адной птушкі можа быць куды большым. Некалькі кален складзеных разам і есць песня. Звычайна яна займае усяго некалькі секунд. У салаўя бывае ад 10 да 20 песен (праўда сустракаецца і да 100), усе яны строга вызначаныя. Гэта значыць імправізацыі ў песні няма, усе калены дакладна на сваем месцы і ў сваёй паслядоўнасці. 
Песня салаўя пачынаецца з запеўкі, называецца яна пачынам. Ён пачынаецца з цыкаючага альбо брынкаючага гука, за якім ідзе моцны флейтавы склад. Асабліва ўдалы пачын называюць прыёмам. Менавіта ён уславіў знакамітых курскіх салаўёў. Пасля пачына ідуць свісты, разнастайнасцей якіх шмат. Большасць з іх аб'яднаныя ў групы візгавы свіст (віў-віў), ліпушка (ліп-ліп), іўлеў свіст (іў-іў), ваўчковы свіст (уіць-уіць). Пасля гучаць больш нізкія свісты - дудкі. Менавіта па ім звычайна ацэньваюць песню салаўя - гэта найбольш гучныя і выразныя калены. Ёсць і свае разнастайнасці дудак: пярэднія (гучаць самымі першымі), пасля іх ідуць вадапойныя дудкі (гучаць як пью-пью). У сваю чаргу вадапойных дудак таксама шмат - срэбраныя, двайныя, рэдкія і інш.. Пасля вадапойных птушка пераходзіць на пошчакавыя і лугавы дудкі. Гэта самыя складаныя калены песні. Нічога дзіўнага, што сярод іх есць таксама свае разнастайнасці (філіпава, кірылава, белкавая, клыканне). Найбольш рэдкімі, а таму і каштоўнымі лічуцца воранава, голубава дудкі, зязюлін пералет, лесунова дудка. Звычайна яны знаходзяцца ў сярэдзіне песні і з'яўляюцца яе вяршыняй. Разам з імі ў цэнтральнай частцы песні салаўём вымаўляюцца "помаркі" і "мелоча". Можна палічыць іх бракам, аднак на самой справе менавіта гэтыя гукі надаюць песне салаўя тое гучанне, што мы так любім. "Мелоча" з'яўляюцца як бы правобразамі кален. У маладой птушкі ўся песня складаецца менавіта з такіх гукаў, якія потым мадэрнізуюцца ў скончаныя калены. У дарослых птушак новы гук песні таксама спачатку спрабуецца на поўголаса, так ён шліфуецца і толькі пасля гэтага вымаўляецца з поўнай сілай. На "мелочах" песня не сканчаецца і птушка зноў пераходзіць на дудкі, цяпер заднія. Сканчаецца песня "раскатамі", "дробямі" і "стукотнямі". Апошняя песня канцэрта сканчаецца самымі моцнымі "раскатамі", пасля  чаго птушка замаўкае і робіць перапынак на адпачынак альбо кармленне. 

Магчыма вось так адразу, сказ за сказам, інфармацыі дужа шмат. Аднак калі задумацца як гэта цікава, людзі далі ўсе гэтыя надзвычайна дакладныя назвы кожнаму калену, кожнай складаючай песні. Тая песня, якую ўсе ведаюць з дзяцінства, як мне здаецца, зусім не такая простая. І канешне не абавязкова ведаць і адрозніваць кожнае калена, аднак пагадзіцеся, што прыемна пранікнуць крыху глыбей у таямніцы птушынага спеву.  

пятница, 15 мая 2015 г.

Валанцёры, кнігаўкі і вусатая сініца


*** Дзякуй вялікі маім супер-валанцерам: Вікторыі, Павалу і Вадзіку. Гэта быў добры, вяселы і эфектыўны дзень. 


Наша каманда

10 траўня наша кампанія адправілася да вескі з сімвалічнай назвай Кулікі. Перад намі стаяла важная задача: правесці ўлік птушак і пашукаць гнезды кулікоў.  Нас сустрэла каля двух сотняў баталенаў, якія то карміліся на полі, то прысажваліся ўздоўж берага возера. Наступныя дзве з паловай гадзіны мы правялі за пошукам гнездаў. Вынікам стала шэсць гнездаў кнігаўкі з няпоўнымі кладкамі.



Давайце паляжым 5 хвілінак)))


Каб дабрацца да неабходнага нам поля прыйшлося пераскочыць некалькі меліарацыйных каналаў

Вадзік...


Пасля пошукаў гнездаў мы адправіліся на рыбгас "Волма", каб пабачыць вусатую сініцу. У нас і гэта атрымалася, прычым амаль адразу. Канешне сініцы хаваліся ў трыснягах, аднак у Пашы атрымалася  зрабіць некалькі фотаздымкаў. 

Вось яна вусатая сініца, адзін з самых жаданых відаў птушак для мяне!











Сэлфі пераможцаў!