Кастрычніка месяца 3 дня
Сёнішні дзень ён асаблівы – я кальцавала!! І акальцавала я сёння 21 птушку
наступных відаў: дрозд спявун, чорны дрозд, малы дзяцел, вялікая сініца, бурагаловая
гаечка, даўгахвостая сініца, жоўтагаловы каралёк, шуляк-карагольчык (тут я
прызнаю сябе толькі асістэнтам – трымала птушку, ну і канешне ўнікала ў
справу). Пачуцці трэба сказаць самыя найлепшыя: па-першае табе даверылі
кальцаваць птушак, нават гэтага маленькага каралька, а па-другое – ты пра гэта
столькі марыў, што нават адна акальцаваная птушка – гэта сапраўдная радасць.
Аднак пакальцавала я толькі з раніцы, а потым перайшла зноў да пераноскі
птушак, бо колькасць апошніх значна павялічылася. Сёння значна больш ляцела
сініц, асабліва даўгахвостых. У вечары да нас на выходныя далучыўся Эліес.
Кастрычніка месяца 4 – 5 дней
На самой справе я губляю лік дзён, а ўжо прыйшлі выходныя. Субота і нядзеля
праляцелі зусім непрыкметна. 4 і 5 кастрычніка еўрапейскія дні назіранняў за
птушкамі, пагэтаму на станцыі ў гэтыя дні Оскарс праводзіў экскурсіі. Людзей
было няшмат, аднак усім было цікава – не кожны дзень можна вось так блізка
паглядзець птушку, нават тую ж сініцу. На гэтыя дні маім дапаможцам з птушкамі
стаў Эліес. Разам мы вылаўлівалі адлоўленых, перасожвалі, пераносілі. Гэты
хлопча пакінуў у мяне ў душы цёплы, светлы след. Я нават атрымала падзяку за
тое, што дапамагла з рускай мовай, хаця на самой справе нічога такога я не
зрабіла. Птушкі лавіліся ўсё тыя ж: сінічкі розных відаў ды каралькі. Кожную
раніцу атрымліваецца злавіць драздоў, а потым увесь дзень сініцы, сініцы,
каралькі, малы дзятлік (УРА!!!). Аднак колькі б такіх сінічак я не ператрымала
ў руках я не магу сказаць, што яны мне надаелі, глядзіш на гэта выдатная
стварэнне прыроды і радуецца душа. Акальцавала дразда-спявуна, малінаўку і малога
дзятла. Прамеры становяцца куды лепш, што не можа мяне не радаваць, ды і
кальцую ўжо куды ўпэўненей. Стараюся запамінаць розныя неабходныя прыкметы, у
тым ліку форма пераў у хвасце, колер іх пад крылом, на галаве, нават колер
скуры на галаве. Я разумею, што чым больш дробязяў, тым мне больш падабаецца.
Акрамя ўсяго гэтага ў мяне яшчэ адна радасць – пабачыла пясчанку, другі раз у
жыцці і другі раз за гэты год. На беразе мора шукаюць сабе ежу вялікія зуйкі, а
разам з імі пясчанка і вялікі кіркун. У нядзелю было дзіўнае мора глыбокага
блакітнага колеру з персікавым небам над ім, першы вечар яно было спакойнае,
амаль без хваляў.
Вось такое дзіўнае сэлфі, дзякуй дзятлу=)
У гэтым усе каралькі, павіснуць жалобна і нічога не паробіш з імі)
Кастрычніка месяца 7 – 8 дней
Адбыліся змены ў саставе пражывючых на
станцыі і Оскарс пакінуў мяне. Зараз асноўны кальцавацель у нас Юдзіс. Часам
кальцую і я, з апошніх уражанняў кальцаванне маладога самца шуляка-карагольчыка.
Зараз на станцыю прыехала Ілза і пачалася лоўля соў. Методыка даволі простая:
ставіцца сетка, прыходзіш пад яе ў змроку з цацкай пішчалкай і так сядзіш усю
ноч – пішчыш. Совы прылятаюць на гэты гук і калі шанцуе трапляюцца ў сетку. Аднак
каб злавіць саву пад сеткай трэба прасядзець не адну гадзіну. Са мной дзве ночы лавілі
соў Оскарс і Маргарет. Оскарс - фатограф, шмат вандруе па свету, здымае жывел для
каляндарэй. Я таксама атрымала каляндар з птушкамі ў падарунак з подпісам ад
аўтара. Магу сказаць, што пакуль што сава так і не патрапіла ў сетку, хоць
некальуі разоў яны і падляталі даволі блізка. Адзін раз сава падляцела дакладна да
таго месца, дзе сядзела я з пішчалкай. Застаецца спадзявацца, што аднойчы ноччу
я злаўлю сваю саву. А вось дзяўчынкам на возеры пашчасціла больш і ў адну з
начэй яны злавілі дзвух балотных соў. Я думаю не трэба казаць, што гэта за
радасць патрымаць саву ў руках, а мне далі ў рукі адразу дзве. З двух бакоў яны
паглядалі на мяне, часам шчоўкалі дзюбамі, ад махнатых лапак ішла хваля цепла.
А самай першай ноччу замест савы ў сетку трапіла слонка, я ўпершыню патрымала
гэту птушку ў руках. Трэба сказаць, што я зразумела чаму на іх палююць – птушка
была даволі спраўненькая.
Цыкл фотаздымкаў Настасся і птушкі)
Слонка...
Шуляк-карагольчык...
Ну і совы...парачка балотных...
Оскарс з імі ж...
Блакітная сініца панк...я думаю)
Некалькі разоў у сетку трапляўся крапіўнік
Чыж..
Злавіўся і такі прыгожы, дарослы самец шуляка...
Кастрычніка месяца 9 – 10 дней
Усё бліжэй мой ад’езд і сэрца ўжо
больна зашчаміла, зараз стараюся не думаць аб гэтым. Надвор’е моцна
сапсавалася, з мора налятае халодны вецер, часам выходзіць туман, накрапвае
дожджык. Усе гэта не спрыяе адлову птушак. З раніцы ўсё ляцяць сініцы з
каралькамі, радзей чыжы з юркамі і берасцянкі. Злавіліся яшчэ дзве Phylloscopus inornatus – пячураўкі-зарнічкі, яны прыемна
разбавілі звычайныя віды.
Вось яна Phylloscopus inornatus
Ну і селфі..да рэчы ў мяне цяпер іх огого колькі
Адлавілі пяць даўгахвостых
сінічак з эстонскімі калечкамі, усе
пяцера з адной сотні. Спачатку адлавілі трох, а праз дзень яшчэ дзвюх. Гэта
заўсёды такое адчуццё моцнае калі бачыш птушку з кальцом. Потым альбо яно
ўзмацняецца, таму што птушка з іншай краіны, альбо не – значыць мясцовая,
недаўна акальцованая, альбо (радзей) акальцованая тут толькі не ў гэтым годзе,
што таксама прыемна. Дык вось эстонскія сініцы…а да гэтага было ў нас яшчэ дзве "масквічкі", таксама даўгахвосцікі. Калі ловіцца птушка з іншаземным кальцом
адразу адчуваеш, што не проста так людзі рабілі гэту працу, думаецца пра тое,
што вось маленькая птушачка пераляцела, пераадолела мяжу паміж краінамі, а
заўтра можа быць перасячэ яшчэ не адну мяжу.
А вось блакітная сінічка з
літоўскім кальцом.
Здарылася!!! Я злавіла сваю першую
саву – вушатую. Менавіта на чацвертую здаецца ноч яна ўсё ж такі злавілася. І
на мае пытанне: - Ну як так, чацвератая ноч, чаму не раней? Мне сказалі адну
мудрую рэч: - Ну калі ловіцца, яно ловіцца. Застаецца спадзявацца, што ў
застаўшыеся ночы атрымаецца злавіць яшчэ совак.
Вось яна, мая першая злоўленая сава!
Кастрычніка месяца 13 дня
Я сяджу паміж морам і лавушкай і
пачынаю пісаць тое, што так не хацелася пісаць. Вось і прабеглі два тыдні,
такія доўгія і такія кароткія. Я шмат чаго яшчэ хачу напісаць, асабліва пра
людзей. Трэба падвесці нейкі вынік усяго.
Перш за ўсё хачу расказаць пра
Донатса, здаецца я яшчэ не пісала пра яго, хаця я пазнаёмілася з ім як толькі
прыехала. Я б назвала гэтага чалавека душой усёй станцыі, ён як дамавік у
добрым сэнсе гэтага слова. Да яго можна звярнуцца з любымі жыццёвымі
пытаннямі, ён заўсёды нешта прыносіць каб падкарміць нас, дае розныя парады.
Яго ўплыў не адразу заўважаеш. Я рада, што пазнаемілася з ім. А таксама канешне
з Оскарсам, Малісам, Юдзісам і ўсімі тымі, хто за гэтыя два тыдні быў тут. Я
ўдзячная Оскарсу за яго ўрокі і заўвагі. Я дакладна адчула як лягла цаглінка ў фундамент майго прафесіаналізму.
Зараз на станцыі нас усяго тры
чалавекі: Донатс, Маліс і я. Заўтра з самай раніцы я пачну сваю дарогу да дому.
Амаль пяць гадзін вечара і ўжо мала што ловіцца, час ад часу выпускаю
даўгахвосцікаў. Сёння надзіва добрым было надвор’е: сонейка сапраўды грэла і я
распранулася да майкі. Перад гэтым усё былі дажджы, туманы, халаднавата, а
сёння быў невялічкі рэванш. Апошнія дні я не пісала дзённік, таму што
здаецца нічога цікавага не адбывалася, былі звычайныя працоўныя дні. Аднак яны
мне падабаліся гэтыя дні.
Сёння я дадала ў спіс відаў залацістую
сеўку. Неяк зусім выпадкова выйшла да мора, пакуль не было птушак, а
там сеўкі. Прыемна…
І яшчэ некалькі слоў пра гэта месца,
пра Папэ. Кожны
дзень над галавой цягнуліся стаі птушак: сініцы, берасцянкі, голубы, гусі,
каралькі…Справа ў тым, што тут дужа ўдалае месца, станцыя стаіць паміж морам і
возерам, атрымліваецца такая “бутылка”, з-за чаго і птушак шмат. Гэта неверагоднае пачуццё, калі птушкі ляцяць і ляцяць, спачатку яшчэ прыкідваеш колькасць, а потым збіваешся і проста разумееш, што вось гэта і называецца шмат.
Ну ўсё, думкі зусім зблыталіся. Пара
пачынаць збіраць рэчы і напісаць падзяку, схадзіць да мора і
…
P.S. Увечары я даведалася,
што домік дзе я жыву мае сваю гісторыю. Некалькі год ён выкарыстоўваўся як
плавучы дом на возеры Engure. Да яго
прыраблівалі матор і так можна было пераязжаць з аднаго канца возера да
другога, сёння працаваць тут, а заўтра там. Потым яго перавезлі ў Папэ, дзе
зараз ён і стаіць. І ў ім, гэтым невялічкім доміку, я пражыла два тыдні=).
Прыгожае неба
Маяк, я назірала за ім, калі лавіла соў...
Познія кветкі...
Конікі...аднойчы я назірала як вось гэты маленькі поні даганяў сваіх большых сяброў, ён спяшаўся, бег ўздоўж мора...а наперадзе скакалі вось гэтыя прыгажуны, адзін пад сядлом, а другі проста побач.
А з гэтага грыбка ў мяне быў суп)
На світанні...